Родная старонка

Слова да бацькоў

Слова да бацькоў

Чалавеку трэба шмат чаго ведаць. Трэба ведаць сваю мову і іншыя мовы. Трэба ведаць казкі свае і казкі іншых народаў. Трэба ведаць танцы свае і танцы іншых народаў.

Але безумоўна, найлепш і найперш трэба ведаць усё роднае. Нам з вамі трэба ведаць найлепш усё беларускае.

І ў першую чаргу кожны человек павінен ведаць сваю мову, умець спяваць свае народныя песні, танцаваць свае народныя танцы. Кожны чалавек павінен ведаць прыказкі свайго народа. Кожны чалавек павінен ведаць, як святкавалі спрадвеку святы ў нашым краі.

Скарбы мовы, скарбы пазнання, скарбы навакольнага свету расчыняюцца тым, хто шчыра любіць і глыбока вывучае родную мову, літаратуру, культуру.

Паважаныя бацькі, паспрабуем разам далучыць дзяцей да роднай, беларускай мовы! Прапануем Вам узбагаціць слоўнікавы запас і зацікавіць дзяцей! Напрыклад, пачніце з прывітання ці развітання па-беларуску. Да ўніверсальных вітанняў належаць: вітаю, прывітанне, добрага здаровейка.

Формы развітання: да пабачэння, да сустрэчы, да скорага, шчасліва заставацца, заставайцеся здаровыя, бывайце здаровыя, шчаслівай дарогі або лёгкай дарогі.

Ветлівасць

Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня.

Дзякуем

Сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!

Просім прабачэння

Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату. Не сярдуйце, так атрымалася. Даруйце, мне вельмі непрыемна.

Радуемся

Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!

Жадаем

Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вас Бог беражэ! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай Вам лёс не здрадзіць!

Імёны

Для бацькоў імя сына ці дачкі — самае пяшчотнае і мілагучнае. Кожнае дзіця любіць, каб да яго звярталіся неяк асабліва. Камусьці падабаюцца памяншальныя ласкавыя формы імя, камусьці — толькі поўныя. Дзецям будзе цікава на некалькі хвілін акунуцца ў мінулае нашай краіны і даведацца, якія імёны існавалі раней на Беларусі.

 Прапануем Вам беларускія сайты па адукацыі, выхаванні і развіцці нашых дашкалят!

"Вясёлка" - часопiс для дзяцей i iх бацькоў

http://www.veselka.by

"Буся" - чытанка-маляванка для дашкольнікаў

http://www.veselka.by

Народныя казкі для дзетак ад ЮНІСЕФ

https://kazki.unicef.by

Вершы.ru - нацыянальны паэтычны партал, на якiм вы знойдзеце вершы для дзяцей на беларускай мове.

http://www.vershy.ru/category/vershy-dlya-dzyatsei

Казкi беларускiя

http://kazki.by

свернуть

Фарміравання асноў нацыянальнай самасвядомасці выхаванцаў

Перыяд дашкольнага дзяцінства 

спрыяльны для фарміравання асноў

нацыянальнай самасвядомасці

Я жыву у Беларусi

Вельмі гэтым ганаруся.

Мову я сваю люблю,

На ёй чытаю і пiшу.

А.Пятліцкі (г. Ашмяны, ДУА “Сярэдняя школа № 1”, 5 “А” класс)

    Кожны чалавек  ужо з маленства павінен ганарыцца сваей нацыянальнай прынадлежнасцю, любіць сваю Радзіму. Перыяд дашкольнага дзяцінства па псіхалагічных асаблівасцях найбольш спрыяльны для фарміравання асноў нацыянальнай самасвядомасці, таму што менавіта дзецям дашкольнага  узросту ўласцівы эмацыянальная дабразычлівасць, цікавасць да навакольнага свету, бязмерная даверлівасць да дарослых, імкненне паўтараць іх дзеянні.

    Маўленчае развіццё дзяцей у установах дашкольнай адукацыі раена адбываецца ў сітуацыі блізкароднаснага руска-беларускага білінгвізму. Першай мовай, якой авалодваюць дзеці дашкольнага ўзросту выступае руская. Пры гэтым далучэннне дзяцей да беларускай мовы адбываецца таксама даволі рана. Дзеці чуюць яе па радыё, тэлебачанні, у дзіцячым садзе (асобныя заняткі, святы). У выхаванцаў ствараюцца «жыццёвыя» ўяўленні пра рускую і беларускую мовы, назіраецца паступовае свядомае адрозненне гэтых моў.

    Улічваючы тое, што беларуская мова для беларускіх дзяцей з’яўляецца роднай у асноўным па крытэрыі ідэнтыфікацыі, Н.С. Старжынская сцвярджае, што яе неабходна пачынаць вывучаць як мага раней, з моманту наведвання дзіцем установы дашкольнай адукацыі, шляхам акультурацыі, г.зн. увядзення ў нацыянальна-культурны фон мовы. Што да спецыяльных заняткаў па навучанні беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання, то яны  праводзяцца з дзецьмі, пачынаючы з сярэдняга дашкольнага ўзросту. Асноўнымі спецыяльнымі метадамі навучання дзяцей беларускай мове выступаюць: прамы, супастаўляльны і камбінаваны метады.

     Н.С. Старжынская адзначае, што найбольш аптымальным шляхам развіцця ў дзяцей дашкольнага ўзросту беларускага маўлення з’яўляецца той, які спалучае з аднаго боку развіццё «пачуцця беларускай мовы» ў выніку паступовага «пагружэння» ў адпаведнае камунікатыўнае асяроддзе, а з другога — спецыяльна арганізаванае навучанне, арыентаванае на фарміраванне ў выхаванцаў элементарных моўных абагульненняў.

     Паспяховаму авалодванню маўленчымі навыкамі дзяцей на беларускай мове  спрыяе  арганізацыя спецыяльных заняткаў на беларускай мове адзін раз на тыдзень працягласцю 15 хвілін у першай палове дня ў другой малодшай групе (пачынаюче з другога паўгоддзя навучальнага года), 20 (25-30) хвілін у першай палове дня ў сярэдняй і старшай групах; правядзенне сітуацый зносін на беларускай мове;дачыненне да беларускай мовы ў пасіўнай форме ў час слухання беларускіх песень, твораў мастацкай літаратуры, фальклору, прагляду мультфільмаў; прысутнасць дзяцей малодшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту на святах, канцэртах, спектаклях, якія праводзяцца дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту на беларускай мове; увядзенне ў нерэгламентаваную дзейнасць беларускіх гульняў, праслухоўванне запісаў казак, вершаў на беларускай мове; арганізацыя экскурсій у краязнаўчы музей з мэтай знаёмства з культурай, гісторыяй краіны; наладжванне дзейсна-арыентаваных зносін: інсцэніроўкі, ролевыя гульні, гульні-драматызацыі на беларускай мове; арганізацыя адукацыйных сітуацый у розных відах дзейнасці на беларускай мове.

свернуть

Ці ведаеце вы, што...

Самыя яркія старонкі беларускай гісторыі, унікальная прырода, самабытная культура і асобы, якія змянілі свет...



 

Нацыянальны парк «Прыпяцкі» – адзінае месца на планеце, дзе існуюць першабытныя пойменныя дубровы

 

У нацыянальным парку практычна ў некранутым стане захаваліся унікальныя пойменныя ландшафты Беларускага Палесся – з дзюнамі, катлавінамі і лагчынамі, дзе сярод дуброў і ясеннікаў размешчана больш як 30 азёр. На Палессі таксама захаваліся самыя вялікія прыродныя балоты ў Еўропе. Найбольш буйныя з іх – Званец (150 кв. км) і Дзікае (80 кв. км).

 

Белавежская пушча – самы буйны старажытны лес Еўропы

 

Звесткі пра пушчу сустракаюцца яшчэ ў антычнага гісторыка Герадота (5 ст. да н.э.) і ў Іпацьеўскім летапісе (983 г.). У канцы XIV ст. вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Ягайла аб’явіў пушчу запаведнай і ўстанавіў забарону на паляванне. Старажытны лес ахоўваецца ўжо 600 гадоў. У Белавежскай пушчы налічваецца каля 2 тысяч дрэў-веліканаў. Некаторыя з іх з’явіліся яшчэ да адкрыцця Калумбам Амерыкі! Белавежская пушча ўключана ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

 

Нясвіж належаў роду Радзівілаў - аднаму з самых багатых у Еўропе

 

Многім у сваім непаўторным абліччы Нясвіж абавязаны творам італьянскага архітэктара Яна Джавані Марыі Бернардоні. Па яго праектах у XVI стагоддзі ўзведзены замак і фарны касцёл Божага Цела – першае на тэрыторыі Рэчы Паспалітай збудаванне ў стылі барока. У храме знаходзіцца адзін з буйнейшых у Еўропе некропаль княжацкага роду, які налічвае 102 саркафагі членаў сям’і Радзівілаў. Нясвіжскі замак уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

 

У Беларусі існуе самая вялікая ў свеце папуляцыя зуброў

 

Гэтыя жывёлы самыя цяжкія і вялікія наземныя млекакормячыя на еўрапейскім кантыненце, апошнія еўрапейскія прадстаўнікі дзікіх быкоў. Мікола Гусоўскі напісаў сваю славутую «Песню пра зубра» па заказе Папы Рымскага Льва X, які хацеў пачуць праўдзівае паэтычнае слова пра паляванне на зуброў. Найбольшая колькасць зуброў жыве ў Белавежскай пушчы

 

Адзін з трох усходнеславянскіх сафійскіх сабораў знаходзіцца ў Беларусі

 

Гэты манументальны помнік архітэктуры пабудаваны ў Полацку паміж 1044–1066 гадамі пры князі Усяславе Брачыславічу, празваным Чарадзеем, як сімвал роўнасці з самымі ўплывовымі старажытнарускімі гарадамі – Кіевам і Ноўгарадам, дзе таксама былі пабудаваны саборы ў гонар святой Сафіі.

 

Беларусы адны з першых у Еўропе, яшчэ ў 1517 годзе, мелі сваю друкаваную Біблію

 

Беларускі першадрукар Францыск Скарына сваю выдавецкую дзейнасць пачаў у Празе, дзе надрукаваў 23 ілюстраваныя кнігі Бібліі ў перакладзе на старабеларускую мову. У пачатку 1520-х гадоў пераехаў у Вільню і заснаваў друкарню. У ёй надрукаваны «Малая падарожная кніжка» і Апостал. Рэнесансныя выданні Скарыны адметныя высокай якасцю друку, своеасаблівымі ілюстрацыямі і гравюрамі, шрыфтам і іншымі кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства.

 

Пятнаццаць нобелеўскіх лаўрэатаў маюць беларускія карані

 

Гэта самая прэстыжная міжнародная прэмія існуе ўжо больш як 100 гадоў і за гэты час была ўручана прадстаўнікам самых розных краін. Імёны многіх нобелеўскіх лаўрэатаў з беларускімі каранямі вядомы цяпер усяму свету. Гэта, у прыватнасці, лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па эканоміцы, хіміі і фізіцы – Сайман Кузнец, Аарон Клуг, Жарэс Алфёраў; лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру – Іцхак Рабін, Менахем Бегін і Шымон Перэс.

 

Ураджэнец Беларусі Тадэвуш Касцюшка – нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША

 

Тадэвуш Касцюшка за сваю бліскучую кар’еру быў саратнікам бацькі-заснавальніка ЗША Вашынгтона і нацыянальнага героя Францыі Лафаета, атрымліваў прапановы аб супрацоўніцтве ад французскага імператара Напалеона І і рускага цара Аляксандра І, але адмовіў ім. Касцюшка стаў актыўным удзельнікам многіх значных гістарычных падзей: у 1776–83 гадах добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША; у 1784 годзе ўзначаліў нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў Рэчы Паспалітай.

 

Партызанскі рух у Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны быў самы магутны ў Еўропе

 

Ужо ў 1943 годзе партызаны кантралявалі каля 60 працэнтаў тэрыторыі рэспублікі. На тэрыторыі Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны дзейнічаў самы буйны ў Еўропе яўрэйскі партызанскі атрад, арганізаваны братамі Бельскімі. Пра рэальныя падзеі, звязаныя з дзейнасцю атрада, расказвае фільм амерыканскага рэжысёра Эдварда Цвіка паводле сцэнарыя Клея Формана «Супраціўленне», прэм’ера якога адбылася ў студзені 2009 года.

 

Рэліквію беларусаў – слуцкія паясы – ткалі толькі мужчыны

 

І насілі паясы толькі мужчыны, і нават абвязвацца імі ўладальнікам дапамагалі толькі мужчыны. Хадзіла павер’е, што калі жаночая рука дакранецца да каштоўных ніцей, тканіна пацьмянее і пояс можна будзе адразу выкінуць. Славутыя паясы выпускала не толькі слуцкая мануфактура. У Францыі, у Ліёне, паясы рабілі на ўзор слуцкіх і нават ставілі «слуцкую» метку.

свернуть

Вядомыя беларусы

Многія вядомыя людзі – ад святых сярэдневякоўя да лаўрэатаўНобелеўскай прэміі і алімпійскіх чэмпіёнаў сучаснасці – ураджэнцы Беларусі

Вядомыя гістарычныя асобы Беларусі

Барбара Радзівіл
Вялікая княгіня, каралева Польшчы.

Леў Сапега
Дзяржаўны і ваенны дзеяч, гетман Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, дыпламат, мысліцель. Адзін з галоўных стваральнікаў Статута ВКЛ (1588 г.) – выдатнага помніка прававой і палітычнай думкі, па сутнасці першай канстытуцыі ў Еўропе.

Тадэвуш Касцюшка
Тадэвуш Касцюшка, які нарадзіўся ў Беларусі ў 1746 годзе, з’яўляецца нацыянальным героем Беларусі, Амерыкі і Польшчы. Быў кіраўніком нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай, прымаў удзел у вайне за незалежнасць ЗША.

Вядомыя вучоныя з Беларусі

Ігнат Дамейка
Нарадзіўся ў Беларусі ў 1802 годзе. Быў знакамітым геолагам, большую частку жыцця правёў у Чылі, дзе стаў нацыянальным героем. За свае дасягненні афіцыйна прызнаны ЮНЕСКА.

Іван (Ян) Чэрскі
Знакаміты вучоны-географ, геолаг, даследчык Сібіры, імем якога названы шэраг геаграфічных аб'ектаў. Нарадзіўся ў маёнтку Свольна Віцебскай губерні ў 1845 годзе.
 
Мікалай Судзілоўскі (псеўданім Нікалас Русель)
Этнограф, географ, хімік, біёлаг, урач-генетык, рэвалюцыянер-народнік, першы прэзідэнт сената Гавайскіх астравоў. Нарадзіўся ў 1850 г. у Магілёве ў збяднелай дваранскай сям'і. З 1892 года жыў на Гаваях, дзе адстойваў правы карэнных жыхароў.

Аляксандр Чыжэўскі
Нарадзіўся ў Гродзенскай вобласці ў 1897 годзе. Прызнаны вучоны, які вывучаў біялагічнае ўздзеянне Сонца і Сусвету, у тым ліку суадносіны сонечнай актыўнасці з перыядамі войнаў у гісторыі чалавецтва.

Соф'я Кавалеўская
Першая ў свеце жанчына-прафесар матэматыкі паходзіць са шляхецкага беларускага роду. Дзяцінства правяла ў маёнтку Палібіна Віцебскай губерні, а ў 18 гадоў заключыла фіктыўны шлюб, каб паехаць за мяжу і займацца навукай. Працы Кавалеўскай прысвечаны матэматычнаму аналізу, механіцы, астраноміі.

Павел Сухі
Авіяканструктар, вынаходнік, адзін са стваральнікаў рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі, аўтар паўсотні арыгінальных канструкцый самалётаў, больш за трыццаць з якіх былі пабудаваны і выпрабаваны. Нарадзіўся ў 1895 г. у горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці.

Міхаіл Высоцкі
Выдатны вучоны і канструктар, пад кіраўніцтвам якога ствараліся лепшыя аўтамабілі МАЗ, на працягу дзесяцігоддзяў генеральны канструктар па аўтамабільнай тэхніцы Беларусі. Аўтар 134 вынаходстваў і 17 патэнтаў. Герой Беларусі (2006). Нарадзіўся ў в. Семежава Мінскай вобласці (1928).



 

Жарэс Алфёраў
Нарадзіўся ў Віцебску ў 1930 годзе. Алфёраў удастоены Нобелеўскай прэміі па фізіцы ў 2000 годзе.



 

Вядомыя касманаўты з Беларусі

Пётр Клімук
Пётр Клімук, першы беларускі касманаўт, вучоны ў галіне тэхнічных навук, двойчы Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў в. Камароўка Брэсцкага р-на ў 1942 годзе. Ажыццявіў тры палёты ў складзе экіпажаў касмічных караблёў і арбітальных комплексаў, правёў у космасе 78,76 сутак.

Уладзімір Кавалёнак
Уладзімір Кавалёнак, беларускі касманаўт, вучоны ў галіне ваенных навук, двойчы Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў в. Белае Мінскай вобласці ў 1942 годзе. Ажыццявіў тры палёты ў космас у якасці камандзіра экіпажа, правёў у космасе 216,38 сутак, у тым ліку ў адкрытым космасе 2,3 гадзіны.

Алег Навіцкі
Першы беларускі касманаўт, які ўзначаліў у 2013 годзе экіпаж 34-й міжнароднай экспедыцыі на МКС. Алег Навіцкі нарадзіўся ў 1971 годзе ў г. Чэрвень Мінскай вобласці. Да паступлення ў атрад касманаўтаў служыў ваенным лётчыкам, ветэран баявых дзеянняў, узнагароджаны медалямі Міністэрства абароны РФ.

Вядомыя ў мастацтве беларусы

Марк Шагал
Нарадзіўся ў 1887 годзе ў Віцебску. Самы знакаміты ўраджэнец Беларусі, вядомы ва ўсім свеце як класік авангардызму ў выяўленчым мастацтве.

Леон Бакст
Праслаўлены тэатральны мастак і сцэнограф, дэкаратар і мадэльер, партрэтыст і майстар станковага жывапісу, адзін з заснавальнікаў знакамітага аб'яднання "Свет мастацтва". Лейб-Хаім Розенберг нарадзіўся ў 1866 годзе ў Гродне, а з першымі поспехамі ўзяў у якасці псеўданіма скарочанае  прозвішча бабулі (Бакстэр). Сусветную вядомасць Леон Бакст заваяваў дзякуючы сумеснай рабоце з Сяргеем Дзягілевым, па запрашэнні якога  бліскуча аформіў пастаноўкі легендарных "Рускіх сезонаў" у Парыжы.

Напалеон Орда
Мастак, кампазітар, ураджэнец в. Варацэвічы Пінскага павета. Стварыў больш за тысячу эскізаў збудаванняў Беларусі, Літвы, Польшчы, Францыі, якія з'яўляюцца каштоўнай крыніцай для гісторыкаў архітэктуры і рэстаўратараў Еўропы. У 2007 годзе 200-годдзе з дня нараджэння Н. Орды было ўключана ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА.

Іван Хруцкі
Нарадзіўся ў мястэчку Ула Лепельскага павета Віцебскай губерні. Выдатны мастак, які распрацаваў уласны тып нацюрморта ў спалучэнні з партрэтам. 200-годдзе з дня нараджэння Івана Хруцкага ў 2010 годзе было ў календары памятных дат ЮНЕСКА.

Луіс Барт Маер
Нарадзіўся ў Мінску ў 1885 годзе. Кінематаграфіст Луіс Барт Маер найбольш вядомы як адзін з заснавальнікаў галівудскай кінастудыі "Метра-Голдвін-Маер", а таксама амерыканскай Акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук. Менавіта Маер прапанаваў штогод уручаць прэмію "Оскар".

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Пісьменнік, заснавальнік новай беларускай літаратуры і прафесійнай драматургіі, стваральнік першага беларускага тэатральнага калектыву, акцёр. У 2008 годзе 200-годдзе з дня нараджэння В. Дуніна-Марцінкевіча было ўключана ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА.

Міхаіл Савіцкі
Народны мастак Беларусі, аўтар амаль 200 палотнаў, стваральнік унікальнай серыі карцін "Лічбы на сэрцы", прысвечанай вязням канцлагераў. Многія работы Міхаіла Савіцкага атрымалі сусветную вядомасць. Нарадзіўся ў в. Звянячы Віцебскай вобласці (1922). Герой Беларусі (2006).

Гаўрыла Вашчанка
Народны мастак Беларусі, жывапісец і педагог. "Чалавек года-92" і "Чалавек ХХ стагоддзя" (1993) па прызнанні Міжнароднага біяграфічнага цэнтра Кембрыджа. "Чалавек года-94" па версіі Амерыканскага біяграфічнага інстытута. Нарадзіўся ў в. Чыкалавічы Гомельскай вобласці (1928).

Васіль Быкаў
Быкаў Васіль Уладзіміравіч, беларускі празаік, драматург, публіцыст. Нарадзіўся ў 1924 годзе ў в. Бычкі Віцебскай вобласці. Народны пісьменнік Беларусі (1980). У 1990-1993 гг. – прэзідэнт аб’яднання беларусаў свету "Бацькаўшчына".

Святлана Алексіевіч
Беларуская пісьменніца і журналіст, аўтар кніг "У вайны не жаночы твар", "Апошнія сведкі", "Цынкавыя хлопчыкі", "Зачараваныя смерцю", "Чарнобыльская малітва", "Апошнія сведкі. Сола для дзіцячага голасу", "Час сэканд хэнд". У 2015 годзе Святлана Алексіевіч названа лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры: "за яе шматгалосую творчасць – помнік пакутам і мужнасці ў наш час". 

Уладзімір Мулявін
Яркі выканаўца, кампазітар і аранжыроўшчык, збіральнік беларускага фальклору, стваральнік легендарнага ансамбля "Песняры" (1970), які многія гады быў адным з самых папулярных у Савецкім Саюзе. Народны артыст БССР і СССР, кавалер ордэна Францыска Скарыны (2001). Імя Уладзіміра Мулявіна, які стаў беларусам па духу, а не па нараджэнні, увекавечана на Алеі зорак у Маскве (2001) і сталіцы "Славянскага базару" Віцебску.



 

Вядомыя палітыкі з Беларусі

Іосіф Гашкевіч
Дыпламат, навуковец-усходазнавец, падарожнік, першы консул Расійскай Імперыі ў Японіі і аўтар першага ў свеце японска-рускага слоўніка. Імем Гашкевіча названыя апісаныя ім віды насякомых і заліў у Паўночнай Карэі (Чосанман). Нарадзіўся ў 1814 г. у Рэчыцкім павеце (Гомельская вобласць). 200-годдзе з дня нараджэння І.Гашкевіча ўключана ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА на 2014-2015 гг.

Міхал Клеафас Агінскі
Дыпламат, палітычны дзеяч, удзельнік паўстання пад кіраўніцтвам Касцюшкі, таленавіты кампазітар. Знакаміты паланэз "Развітанне з Радзімай" ён напісаў у радавой сядзібе Агінскіх у Залессі (Гродзенская вобласць). 250-годдзе з дня нараджэння М. К. Агінскага ўключана ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА на 2014-2015 гг.

Хаім Вейцман
Нарадзіўся ў Беларусі ў вёсцы Моталь (зараз Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць) у 1874 годзе. Хаім Вейцман быў выдатным хімікам, чытаў лекцыі ў Швейцарыі і Вялікабрытаніі. Як актыўны сіяніст ён быў выбраны першым прэзідэнтам Дзяржавы Ізраіль (1949) і заставаўся на гэтай пасадзе да самай смерці (1952).

Андрэй Грамыка
Дыпламат, у 1957-1985 гг. міністр замежных спраў СССР. Узначальваў савецкую дэлегацыю на канферэнцыі па стварэнню ААН, распрацоўваў Статут арганізацыі. Нарадзіўся ў 1909 г. у в. Старыя Грамыкі (Веткаўскі раён Гомельскай вобласці).

Знакамітыя асветнікі Беларусі

Францыск Скарына
Нарадзіўся ў Полацку ў 1486 годзе. Беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Пераклаў на беларускую мову і выдаў 23 кнігі Бібліі, першую – у 1517 годзе.

Святая Ефрасіння
Полацкая князёўна. Нарадзілася ў XII стагоддзі. Стала манашкай у 12 гадоў і правяла жыццё, дапамагаючы бедным і будуючы цэрквы і манастыры па ўсёй Беларусі. Памерла ў час паломніцтва ў Іерусалім, яе мошчы вернуты ў Беларусь у 1910 годзе. Прылічана да ліку святых, ушаноўваецца як нябесная заступніца зямлі беларускай.

Чэмпіёны з Беларусі

Аляксандр Мядзведзь
Беларускі спартсмен і трэнер (вольная барацьба). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1964, 1968, 1972), свету (1962, 1963, 1966, 1967, 1969–71). Прызнаны лепшым барцом вольнага стылю ХХ стагоддзя.

Вольга Корбут
Легендарная гімнастка заваявала 4 залатыя алімпійскія медалі, тры з іх – на алімпійскіх гульнях у Мюнхене (1972). У 1972 годзе прызнана лепшай спартсменкай свету.

Віталь Шчэрба
Беларускі спартсмен (спартыўная гімнастыка). Чэмпіён XXV Алімпійскіх гульняў (1992, Іспанія). Бронзавы прызёр XXVI Алімпійскіх гульняў (1996, ЗША). 14-разовы чэмпіён свету, 10-разовы чэмпіён Еўропы. Пераможца Гульняў добрай волі (1990, ЗША). Чэмпіён Універсіяд (1993, 1995). Лепшы спартсмен свету за 10-годдзе (1991–2000).

Ігар Макараў
Макараў заваяваў залаты медаль у дзюдо на Алімпійскіх гульнях у Афінах ў 2004 годзе.

Юлія Несцярэнка
Несцярэнка заваявала залаты медаль у бегу на 100 метраў на Алімпійскіх гульнях у Афінах ў 2004 годзе.

Максім Мірны
Максім Мірны – самы вядомы тэнісіст Беларусі, які заваяваў серыю міжнародных узнагарод у парным разрадзе і вывеў беларускую зборную на лепшае месца за ўсю яе гісторыю на Кубку Дэвіса.

Вікторыя Азаранка
Знакамітая беларуская тэнісістка, пераможца найбуйнейшых сусветных турніраў, алімпійская чэмпіёнка. У студзені 2012 года Вікторыя Азаранка ўпершыню ў кар'еры ўзначаліла рэйтынг Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). На Алімпіядзе-2012 у Лондане заваявала золата ў міксце (у пары з Максімам Мірным) і бронзу ў адзіночным разрадзе.

Дар'я Домрачава
Чатырохразовая чэмпіёнка, сярэбраны і бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў, двухразовая чэмпіёнка свету, пераможца і прызёр этапаў Кубка свету, заслужаны майстар спорту, Герой Беларусі. Па версіі прэміі Biathlon Award беларуская спартсменка названа лепшай біятланісткай 2010 года.

Аляксей Грышын
Фрыстайліст, які прынёс Беларусі першае ў гісторыі незалежнай дзяржавы золата зімовых Алімпійскіх гульняў (Ванкувер-2010), бронзавы прызёр Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці (2002).

Сяргей Мартынаў
"Кароль малакалібернай вінтоўкі", алімпійскі чэмпіён Лондана-2012, двухразовы бронзавы прызёр Алімпіяд у Сіднэі і Афінах, рэкардсмен свету: 600 ачкоў з 600 магчымых у стральбе лежачы з малакалібернай вінтоўкі.

Руслан Салей
Адзін з лепшых гульцоў у гісторыі беларускага хакея, капітан нацыянальнай зборнай. Руслан Салей першым з айчынных майстроў клюшкі дайшоў да фіналу Кубка Стэнлі.

свернуть

Выдатныя мясціны Брэсцкай вобласці

Выдатныя мясціны Брэсцкай вобласці

Брэст




 

Горад Бярэсце, што раскінуўся над Бугам, упершыню быў згаданы ў "Аповесці мінулых гадоў" у 1019 годзе. На працягу стагоддзяў Брэст, які называюць заходнімі варотамі Беларусі, не раз станавіўся часткай розных дзяржаў, разбураўся і аднаўляўся зноў: адсюль яго "насычанасць" сведчаннямі розных эпох – ад старажытнага гарадзішча Бярэсця да захаваных будынкаў імперскага Брэст-Літоўска, польскага Брэста-над-Бугам.

Сёння горад – любімае месца турыстаў. "Візітнымі карткамі" сталі пабудаваны па загадзе Аляксандра ІІ чыгуначны вакзал, які лічыўся буйнейшым і прыгажэйшым у Расійскай імперыі; мясцовы "Арбат" пешаходная Савецкая з яе нязменным ліхтаршчыкам, які запальвае старадаўнія газавыя ліхтары; вуліца Гогаля, дзе можна сустрэць мноства персанажаў з бяссмертных твораў класіка; помнік Тысячагоддзя Брэста – кругавы гарэльеф з рэальнымі гістарычнымі асобамі і абагульненымі вобразамі жыхароў горада пад покрывам Анёла-ахоўніка; музей чыгуначнай тэхнікі, адкрыты пасля рэканструкцыі ў дзень 999-годдзя Брэста.

Брэсцкая крэпасць-герой




 

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны галоўная цытадэль Беларусі першай прыняла ўдар і 28 дзён стрымлівала націск нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гонар абаронцаў крэпасці быў узведзены грандыёзны мемарыяльны комплекс, у цэнтры якога ўстаноўлены манумент "Мужнасць" вышынёй 33,5 м з выявай воіна і сцяга. Унікальны архітэктурна-скульптурны ансамбль пад адкрытым небам расказвае аб падзеях гераічнай абароны. Тут можна ўбачыць 100-метровы штык-абеліск – сімвал перамогі над ворагам, ушанаваць памяць загінулых на плошчы Цырыманіялаў, наведаць музей абароны Брэсцкай крэпасці, пабываць на месцы аднаго са старадаўніх каменных будынкаў старога Брэст-Літоўска – Белага палаца.

На тэрыторыі крэпасці ў 1851-1876 гадах быў пабудаваны Свята-Мікалаеўскі гарнізонны сабор – велічная базіліка ў візантыйскім стылі, адзін з самых прыгожых храмаў у цэнтры Еўропы. У пачатку вайны ён стаў важным пунктам абароны крэпасці.

Брэст, Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой"

Музей адкрыты з 9.00 да 18.00, выхадны – панядзелак. Экскурсіі па тэрыторыі – штодзённа.

Археалагічны музей "Бярэсце"




 

Адзіны ў Еўропе музей сярэдневяковага ўсходнеславянскага горада размешчаны на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, дзе шмат стагоддзяў таму да яе з'яўлення зарадзіўся старажытны горад Бярэсце. У 1968 годзе на 4-метровай глыбіні вучоныя выявілі рамесны квартал – дзясяткі драўляных пабудоў XI-XIII стст., вулічныя маставыя і частакол, рэшткі глінабітных печаў. Сёння ва ўнікальным музеі, дзе над раскопам старажытнага пасялення пабудаваны павільён, можна ўбачыць археалагічныя знаходкі XI-XIV стагоддзяў, што расказваюць аб жыцці славянскага горада, развіцці рамёстваў і гандлю, побыце жыхароў. Сярод іх і абсалютна ўнікальныя артэфакты: дубовае рала земляробаў, самшытавы грэбень з выразанымі літарамі кірыліцы…

Брэсцкая крэпасць, Шпітальны востраў

 З 10.00 да 18.00 (сакавік – кастрычнік, без выхадных), з 10.00 да 17.00 (лістапад – люты, выхадныя – панядзелак, аўторак)

Брэсцкі чыгуначны вакзал




 

Першы вакзал у Брэсце з'явіўся ў 1886 годзе, і ўжо хутка пасля адкрыцця будынка – 29 жніўня – імператар Аляксандр III і яго сын Мікалай сустракалі тут наследніка германскага прастола прынца Вільгельма. Уражальнае збудаванне з велічнымі аркамі і зубцамі нагадвала крэпасць, размешчаную на востраве. Брэсцкі вакзал заслужана лічыўся самым прыгожым і зручным у Расійскай імперыі і быў першым, дзе з'явілася электрычнае асвятленне (1888). Пасля рэканструкцыі ў савецкі час будынак увянчалі шпіль і пяціканцовая зорка, якія сталі сапраўднай візітнай карткай горада.

У чэрвені 1941 года работнікі вакзала нараўне з воінамі Брэсцкай крэпасці дзевяць дзён мужна трымалі абарону будынка, знаходзіліся ў падвалах, падобных на лабірынт.

Брэст, плошча Прывакзальная, 1

Сядзіба Нямцэвічаў у вёсцы Скокі



 

Цудоўная сядзіба ў стылі барока пабудавана ў 1770-я гады па заказе прадстаўніка старадаўняга роду Марцэлія Нямцэвіча. Пазней гаспадаром стаў яго сын – пісьменнік, гісторык і грамадскі дзеяч Юльян Нямцэвіч, які служыў ад'ютантам Тадэвуша Касцюшкі і прымаў удзел у складанні першай Канстытуцыі ў Еўропе. У знакамітай сядзібе бывалі Аляксандр III, Тадэвуш Касцюшка, мастак Напалеон Орда, паэт Адам Міцкевіч. У час Першай сусветнай вайны ў палацы знаходзілася стаўка Леапольда Баварскага, які камандаваў Усходнім германскім фронтам… Пасля маштабнай рэстаўрацыі ў гісторыка-мемарыяльным музеі "Сядзіба Нямцэвічаў" адноўлены палацавыя пакоі, музычна-мастацкі салон, зброевы пакой.

Рэзідэнцыя Нямцэвічаў адыграла ключавую ролю ў сусветнай гісторыі: 15 снежня 1917 года тут было падпісана ваеннае перамір'е, а пазней адбылося першае пасяджэнне па арганізацыі перагавораў аб знакамітым Брэст-Літоўскім міры, які быў заключаны 3 сакавіка 1918 года ў Белым палацы Брэсцкай крэпасці.

Сёння сядзіба Нямцэвічаў запрашае гасцей на экскурсіі, балі і літаратурна-мастацкія вечары. У снежні тут праходзіць Міжнародны фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі "Скокі", прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны.

Брэсцкі раён, в. Скокі, вул. Міру, 50
11.00 – 19.00 (серада – нядзеля), выхадныя – панядзелак, аўторак

Белавежская пушча




 

Легендарная Белавежская пушча – адзін са старэйшых запаведнікаў у свеце, буйнейшая з захаваных частак вялізнага рэліктавага лесу Еўропы, які шмат стагоддзяў таму распасціраецца ад Балтыйскага мора да Буга і ад Одэра да Дняпра. Унікальная прыродная тэрыторыя, якая аб'ядноўвае Беларусь і Польшчу, уключана ў  Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Акрамя таго, Белавежская пушча – самы вялікі з чатырох нацыянальных паркаў Беларусі (плошча складае амаль 153 тысячы га). У 1993 годзе ён атрымаў статус біясфернага запаведніка, у 1997 г. узнагароджаны дыпломам Савета Еўропы як адна з эталонных прыродаахоўных устаноў на кантыненце.

У 2009 годзе Беларусь адзначала 600-годдзе ўстанаўлення запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы. Да нашых дзён тут захавалася дзікая прырода, унікальная па біяразнастайнасці, колькасці рэдкіх відаў флоры і фаўны. Сярод іх і сімвал краіны зубр – самае цяжкае і вялікае наземнае млекакормячае Еўропы, апошні еўрапейскі прадстаўнік дзікіх быкоў.

Брэсцкая вобласць, Камянецкі раён, в. Каменюкі

Белавежскія зубры




 

Галоўнае багацце знакамітай пушчы – другая па велічыні папуляцыя зуброў белавежскай лініі на планеце. Яшчэ ў 1926 годзе ў свеце налічвалася ўсяго 52 еўрапейскія зубры, з іх у выратаванні віду ад поўнага знікнення ўдзельнічала толькі шэсць асобін белавежскай лініі. А сёння Беларусь з'яўляецца другой дзяржавай па колькасці гэтых велічных "сучаснікаў" мамантаў і шарсцістых насарогаў: у краіне амаль 1200 з 4,5 тысячы зуброў планеты. У беларускіх лясах жывуць 9 мікрапапуляцый: самая вялікая белавежская (460), барысаўска-бярэзінская, азяранская, найдзянская, ляскавіцкая, асіповіцкая, палеская, налібоцкая і азёрская. У рамках праграмы Саюзнай дзяржавы "Дарожная карта для зубра" на 2014 – 2018 гады ў Белавежскай пушчы ствараецца зубрагадавальнік еўрапейскага ўзроўню.

Менавіта зубр стаў талісманам праведзенага ў Мінску чэмпіянату свету па хакеі-2014.

Сядзіба Дзеда Мароза




 

У старадаўнім запаведным лесе знаходзіцца яшчэ адна выдатная мясціна краіны – рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза. Драўляныя домікі, упрыгожаныя ажурнай разьбой, арыгінальныя скульптуры чароўных персанажаў, і, вядома, самі казачныя героі, якія сустракаюць гасцей – усё гэта стварае атмасферу навагодняга цуду. Тут можна дапамагчы Снягурачцы ўзбіць падушкі ў доме Дзеда Мароза, пабываць на Чароўным млыне, які ператварае дрэнныя ўчынкі ў пыл, раскрыць сакрэт вырабу сняжынак у майстэрні Матухны Зімы, наведаць Музей ледзянога побыту, а таксама павадзіць карагоды.

Рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы адкрыта круглы год.

Брэсцкая вобласць, Белавежская пушча

9.00 – 18.00

Камянецкая вежа




 

700-гадовая вежа-данжон, якую часта называюць Белай вежай – пазнаваемы архітэктурны сімвал Беларусі. Слуп вышынёй 30 м з магутнымі сценамі, вузкімі байніцамі і прамавугольнымі зубцамі пабудавалі ў другой палавіне XIII стагоддзя згодна з загадам князя Уладзіміра Васількавіча для ўмацавання граніц Галіцка-Валынскіх зямель. За сваю гісторыю вежа не аднойчы вытрымлівала аблогі крыжаносцаў і татар, станавілася месцам баёў войскаў князёў-суседзяў. І сёння гэта адзінае ўцалелае збудаванне такога тыпу ў Беларусі. Камянецкая вежа размешчана ўсяго за некалькі кіламетраў ад пачатку Белавежскай пушчы, аднак зусім не яна, пабудаваная з чырвонай цэглы, дала назву знакамітаму лесу.

Каля падножжа вежы ўстаноўлены бронзавы помнік заснавальніку горада Камянца князю Уладзіміру Васількавічу і жывёле-сімвалу Белавежжа – зубру.

Брэсцкая вобласць, г. Камянец

10.00 – 18.00, выхадныя – панядзелак і аўторак

Дуга Струвэ




 

Геадэзічная Дуга Струвэ – унікальны помнік гісторыі і навукова-тэхнічнай думкі XIX стагоддзя, названы ў гонар астранома і матэматыка, першага дырэктара Пулкаўскай абсерваторыі Васіля Якаўлевіча Струвэ (Фрыдрыха Георга Вільгельма Струвэ). Пад кіраўніцтвам вучонага на працягу амаль 40 гадоў быў створаны самы працяглы (2820 км) і дакладны геадэзічны "інструмент" у свеце, які складаецца з 265 трыянгуляцыйных пунктаў у 10 краінах Еўропы. У Беларусі захавалася самая вялікая колькасць аб'ектаў Дугі Струвэ – 19 (паводле гістарычных даных, на тэрыторыі краіны быў закладзены 31 каменны куб), з іх 5 уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА: у Брэсцкай вобласці – пункты ЛескавічыАсаўніца і Чакуцк, у Гродзенскай вобласці – Лапаты і Тупішкі.

Брэсцкая і Гродзенская вобласці

Ружанскі замак




 

Старажытная рэзідэнцыя магутнай дынастыі Сапегаў прываблівае гасцей рамантычнай атмасферай. У 1770-я гады па заказе князя Аляксандра саксонскі архітэктар Ян Самуэль Бекер ператварыў непрыступную крэпасць у вытанчаны ансамбль з садамі, паркамі і аранжарэямі. Ружанскі палац славіўся вельмі багатай бібліятэкай і цудоўнай карціннай галерэяй, адным з лепшых у Еўропе тэатраў. Замак перажыў некалькі войнаў, таму ў нашы дні тут вядзецца рэстаўрацыя. Для турыстаў даступны адноўленыя цэнтральныя ўязныя вароты (брама) і бакавыя флігелі, экспазіцыя музея "Палацавы комплекс Сапегаў", дзе можна ўбачыць аўтэнтычныя прадметы і элементы інтэр'ера з пакояў знакамітых уладальнікаў.

Кожны год на тэрыторыі палацавага комплексу праходзіць гістарычны фестываль "Ружанская брама".

Брэсцкая вобласць, Пружанскі раён, г. п. Ружаны

Музей-сядзіба "Пружанскі палацык"




 

Мініяцюрны палац з незвычайнай асіметрычнай архітэктурай – адзіная ў Беларусі адноўленая сядзіба ў стылі мадэрн – адметнасць горада Пружаны. Цудоўная віла была пабудавана ў сярэдзіне XIX стагоддзя дзякуючы ўладальнікам маёнтка Валенцію і Гермініі Швыкоўскім. Па праекце розныя аб'ёмы памяшканняў гарманічна злучыліся ў адным ансамблі – з вежай у цэнтры фасада, вокнамі (ад маленькіх і вузкіх да шырокіх венецыянскіх), балконамі і раскошнай тэрасай. Сядзібу акружаў парк, а побач размясцілася экзатычная аранжарэя. Сёння госці музея-сядзібы "Пружанскі палацык" могуць убачыць інтэр'еры шляхецкага дома ХIХ стагоддзя: салон, кветкавая зала, паляўнічы кабінет…

У музеі-сядзібе часта праходзяць мастацкія вернісажы і выстаўкі, музычна-літаратурныя вечары.

Брэсцкая вобласць, г. Пружаны

10.00 – 18.00, выхадныя – панядзелак, аўторак

Палац Пуслоўскіх у Косаве




 

За казачную прыгажосць і асаблівую вытанчанасць неагатычны замак у Косаве называлі "рыцарскай мрояй". На працягу стагоддзяў ім валодалі ўплывовыя дынастыі: Храптовічы, Сангушкі, Флемінгі, Чартарыйскія, Сапегі. Але "залаты век" маёнтка надышоў у часы багатага прамыслоўца графа Вандаліна Пуслоўскага, які першым у Беларусі ўкараніў у вытворчасць паравую машынуКосаўскі палац праславіўся раскошнымі заламі і цудоўным паркам, у якім раслі больш як 150 відаў экзатычных раслін. У замку налічвалася больш як 100 пакояў, самым дзіўным з якіх была Парадная зала, дзе, паводле падання, прама пад шкляной падлогай плавалі рыбкі.

Яшчэ адна легенда гаворыць, што паміж Косаўскім палацам і рэзідэнцыяй Сапегаў у Ружанах існаваў падземны тунэль даўжынёй 25 кіламетраў, па якім магла праехаць карэта з коньмі.

Брэсцкая вобласць, Івацэвіцкі раён, г. Косава

Музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі




 

Недалёка ад горада Косава ва ўрочышчы Мерачоўшчына знаходзіцца малая радзіма нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровага грамадзяніна Францыі Тадэвуша Касцюшкі. Некалі маёнтак захаваўся дзякуючы намаганням графаў Пуслоўскіх, якія ў 1857 годзе адрэстаўрыравалі яго і заснавалі музей знакамітага земляка. У гады Вялікай Айчыннай вайны дом згарэў, і толькі ўжо ў наш час быў адноўлены на фундаменце старога будынка. Сёння тут можна ўбачыць інтэр'еры эпохі, калі жыў Касцюшка, прадметы быту, адзенне і зброю – шаблі, муляжы пісталетаў, ядры і кулі, копію сярмягі, у якой ваяваў герой…

Брэсцкая вобласць, Івацэвіцкі раён, г. Косава, урочышча Мерачоўшчына

Музей-сядзіба "Завоссе"



 

Дом-музей у Навагрудку – не адзінае мемарыяльнае месца, звязанае з жыццём Адама Міцкевіча ў Беларусі. Будучы паэт нарадзіўся ў сямейным уладанні – фальварку Завоссе – напярэдадні каляд у 1798 годзе, а праз два стагоддзі тут адкрылася  сядзіба-музей. Шляхецкі двор XVIII-ХIХ стст. аднавілі на старадаўніх фундаментах па захаваных малюнках сябра Міцкевіча Напалеона Орды і выкладчыка Навагрудскай гімназіі Эдуарда Паўловіча. У цэнтры – гаспадарчы дом з чарацяной страхой,  побач – кветнікі, сажалка з лазняй на беразе, двухпавярховы свіран з летнім пакоем маладога паэта, сельскагаспадарчыя пабудовы. Асновай экспазіцыі стала знакамітая паэма Міцкевіча "Пан Тадэвуш", дзякуючы апісанням з якой і сапраўдным рарытэтам госці могуць убачыць, як жыла шляхецкая сям'я некалькі стагоддзяў таму. Дзяцінства і маладосць у Завоссі і Навагрудку, першае каханне і першыя паэтычныя радкі, знаёмыя з юных гадоў беларускія легенды і традыцыі, хараство роднай прыроды – усё гэта Адам Міцкевіч так таленавіта і тонка захаваў у сваіх творах…

Брэсцкая вобласць, Баранавіцкі раён, в. Завоссе
 10.00-17.00, выхадныя – панядзелак, аўторак

Касцёл Святой Троіцы ў вёсцы Ішкалдзь



 

Троіцкі касцёл у Ішкалдзі – самы старажытны з каталіцкіх храмаў Беларусі, які ні разу не быў сур'ёзна разбураны і перабудаваны. Паводле падання, яго заклаў у 1449 годзе ўладальнік маёнтка Мікалай Неміровіч у знак удзячнасці Усявышняму за доўгачаканага наследніка. Узведзены ў стылі позняй готыкі, будынак толькі крыху нагадвае еўрапейскія і беларускія помнікі гэтага напрамку. У адрозненне ад знакамітых храмаў у Гервятах або Відзах, касцёл у Ішкалдзі стаў узорам чыстай беларускай готыкі, што злучыў рысы культавага і абарончага збудаванняў. Гэта адзіны беларускі касцёл, які поўнасцю захаваў у інтэр'еры гатычныя нервюрныя скляпенні.

Брэсцкая вобласць, Баранавіцкі раён, в. Ішкалдзь

Музей імя А.В. Суворава ў Кобрыне



 

Старадаўні асабняк у цэнтры Кобрына вось ужо некалькі стагоддзяў называюць "домам Суворава". У 1795 годзе імператрыца Кацярына II падаравала вялікаму палкаводцу Аляксандру Васілевічу Сувораву, які атрымаў больш за 60 ваенных перамог і не ведаў ніводнага паражэння, маёнтак Кобрынскі Ключ недалёка ад Брэста. У сядзібе знакаміты военачальнік жыў у 1797 і 1800 гадах: любіў гуляць па алеях парку і плаваць у мясцовай сажалцы, хадзіў на богаслужэнні ў Свята-Петрапаўлаўскую царкву і нават спяваў на клірасе ў хоры. У ліпені 1946 года ў былым маёнтку быў заснаваны Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава. Яго ўнікальны збор – 20 калекцый, якія аб'ядноўваюць звыш 50 тысяч экспанатаў – прысвечаны жыццю і службе Суворава, у цэлым ваеннай гісторыі краіны (асобны будынак). Тут можна ўбачыць старадаўнюю зброю, абмундзіраванне воінаў розных эпох, прадметы мастацтва... Каля ўвахода ў музей устаноўлены бронзавы бюст Аляксандра Суворава зроблены скульптарам  П. Кюферле.

Імя А.В. Суворава носіць і кобрынскі парк - адзін з самых старых і прыгожых у Беларусі. Ён быў закладзены ў 1768 годзе па распараджэнні падскарбія ВКЛ Антонія Тызенгаўза. Каля сажалкі, дзе ў халодныя дні красавіка плаваў 67-гадовы генералісімус, захаваўся гістарычны валун з надпісам "На гэтым камені любіў адпачываць палкаводзец Сувораў".

Дзе знаходзіццаБрэсцкая вобласць, г. Кобрын, вул. Суворава, 14

Музей Фёдара Дастаеўскага / Радавая сядзіба Дастаеўскіх




 

На беларускім Палессі пачалася гісторыя роду, які падарыў свету вялікага пісьменніка XIX стагоддзя Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага. У 1506 годзе баярын Даніла Рцішчаў атрымаў ад пінскага князя грамату на тутэйшыя землі і пабудаваў сядзібу ў вёсцы Дастоева паміж рэкамі Пінай і Ясельдай. Першы сын гаспадара меў падвойнае прозвішча Рцішчаў-Дастаеўскі, а ўжо наступныя пакаленні сталі Дастаеўскімі. Праз стагоддзі нашчадкі пераехалі на Валынь, пасля ў Маскву, дзе і нарадзіўся будучы класік. У 2012 годзе вучоныя выявілі ў Дастоеве арыгінальныя жылыя пабудовы XVI – XVIII стагоддзяў, рэшткі печаў, серабро, кераміку, кулі і фрагменты фамільнага герба Дастаеўскіх "Радван". І сёння тут аднаўляецца радавая сядзіба.

У Дастоеве дзейнічае музей Фёдара Дастаеўскага, дзе сабрана больш як 3 тысячы экспанатаў: дыярама маёнтка і сямейнае дрэва Дастаеўскіх, фотакопіі ўнікальных дакументаў аб жыцці і творчасці Фёдара Міхайлавіча, выдадзеныя на розных мовах кнігі… Музей Дастаеўскага на Палессі ўваходзіць у турыстычны маршрут "Янаўскае кальцо".

Брэсцкая вобласць, Іванаўскі раён, в. Дастоева

Музей Напалеона Орды ў Варацэвічах




 

Напалеон Орда – сапраўды ўнікальная асоба ў гісторыі беларускай і еўрапейскай культуры. Таленавіты музыкант, кампазітар, педагог, вучоны, а галоўнае, цудоўны мастак – майстар замалёвак архітэктурных помнікаў, гарадскіх і сельскіх пейзажаў, родных мясцін вядомых людзей, сярод якіх Тадэвуш Касцюшка, Адам Міцкевіч, Станіслаў Манюшка... Больш за 1150 акварэлей і графік, створаных у 1840-1880 гадах, амаль з фатаграфічнай дакладнасцю захавалі аблічча славутых мясцін Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы, Францыі, Германіі, Іспаніі, Партугаліі. З асаблівай увагай майстар маляваў старадаўнія замкі і палацы, і сёння творы Напалеона Орды даюць магчымасць рэстаўратарам у розных кутках Еўропы аднаўляць страчаныя гістарычныя помнікі, вяртаць ім арыгінальны выгляд. Падарожнічаючы па роднай Беларусі, Орда зрабіў каля 200 замалёвак гарадоў і мястэчак, старадаўніх сядзіб і замкаў - у МірыНясвіжыРужанахКосавеГроднеНавагрудкуЛідзеКрэве

На малой радзіме мастака ў вёсцы Варацэвічы створаны музейны комплекс: адкрыты біяграфічная зала і карцінная галерэя, побач – ва ўрочышчы Чырвоны Двор – на старадаўнім фундаменце ўзводзіцца копія радавога маёнтка Напалеона Орды. Па праекце, у распараджэнні гасцей будуць майстэрні старажытных рамёстваў, конны двор, пейзажны парк з альтанкамі і вадаёмам, кафэ і атэль.

Брэсцкая вобласць, Іванаўскі раён, в. Варацэвічы

 9.00 – 18.00 (панядзелак – пятніца), 9.00 – 13.00 (субота – нядзеля)

свернуть

Дзяржаўныя святы Беларусі, іншыя святочныя і памятныя дні, якія адзначаюцца ў краіне:

Дзень Канстытуцыі

15 сакавіка 1994 года была прынята Канстытуцыя незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі

Галоўнае свята Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі адзначаецца 2 красавіка. Менавіта ў гэты дзень у 1996 годзе прэзідэнты Расіі і Беларусі Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі ў Маскве Дагавор аб  Супольніцтве Беларусі і Расіі. Праз год, 2 красавіка 1997 года, быў падпісаны Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі, які быў пакладзены ў аснову працэсаў інтэграцыі дзвюх дзяржаў.

Дзень Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь

2-я нядзеля мая – Дзень Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.

Свята прысвечана галоўным сімвалам краіны, якія ўвасабляюць ідэі нацыянальнага адзінства і з’яўляюцца важнейшымі атрыбутамі суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.

Дзень Перамогі

9 мая Беларусь святкуе перамогу над фашызмам у Вялікай Айчыннай вайне (Другой сусветнай). У краіне гэта адна з самых шануемых дат, таму што перамога дасталася вялікай цаной – загінуў кожны трэці  беларус.

Ветэраны вайны ў Беларусі карыстаюцца асаблівай  пашанай, таму ўрачыстыя шэсці ветэранаў – галоўнае святочнае мерапрыемства Дня Перамогі. Яны праходзяць па ўсёй краіне.

Дзень Незалежнасці

У Беларусі Дзень Незалежнасці – галоўнае дзяржаўнае свята. Яно адзначаецца 3 ліпеня – у дзень вызвалення ў 1944 годзе горада Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Галоўнае мерапрыемства свята – урачысты парад. У Мінску ён праводзіцца на праспекце Пераможцаў і нагадвае аб тым, што беларускі народ цаной неймаверных страт заваяваў свабоду краіны, а таксама дэманструе дасягненні суверэннай Беларусі.

Святы і памятныя дні ў Беларусі

1 студзеня – Новы год.

7 студзеня – Ражджаство Хрыстова (праваслаўнае).

23 лютага – Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Хоць галоўныя героі гэтага дня ваеннаслужачыя, у Беларусі ён лічыцца святам усіх мужчын.

8 Сакавіка – Дзень жанчын. Свята было заснавана ў хуткім часе пасля рэвалюцыі 1917 года. У сучаснай Беларусі 8 Сакавіка з’яўляецца святам Вясны і днём, калі ўшаноўваюць жанчын.

1 Мая – Свята працы. Дзень працы – адно з папулярных свят у Беларусі. У гэты дзень праводзіцца мноства канцэртаў і іншых відовішчных мерапрыемстваў.

7 лістапада – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.

25 снежня – Ражджаство Хрыстова (каталіцкае).

Памятныя дні

У Беларусі афіцыйна ўстаноўлены памятныя дні, у якія  прынята ўспамінаць ахвяр вялікіх трагедый, аддаваць даніну павагі памерлым.

Дзень памінання памерлых (Радаўніца) – 9-ы дзень пасля праваслаўнага Вялікадня. У гэты дзень прынята наведваць могілкі, прыводзіць у парадак магілы сваякоў і блізкіх людзей.

26 красавіка – Дзень чарнобыльскай трагедыі.

22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Народныя святы

Нараўне з афіцыйнымі ў Беларусі застаюцца папулярнымі старажытныя народныя святы, адно з якіх – Купалле. Яно адзначаецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Святкаванне суправаджаецца народнымі абрадамі, песнямі, карагодамі. Абавязковыя атрыбуты свята – рытуальныя скачкі праз вогнішча і купанне.

Каляндар святочных і памятных дзён, якія з’яўляюцца нерабочымі ў Беларусі

1 студзеня – Новы год.

7 студзеня – Ражджаство Хрыстова (праваслаўнае).

8 Сакавіка – Дзень жанчын.

9-ы дзень пасля праваслаўнага Вялікадня - Радаўніца

1 Мая — Свята працы.

9 Мая — Дзень Перамогі.

3 ліпеня — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

7 лістапада – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.

25 снежня – Ражджаство Хрыстова (каталіцкае).

свернуть

Адукацыйны працэс у дашкольнай ўстанове ажыццяўляецца ў адпаведнасці са зместам вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, зацверджанай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Асаблівая ўвага ў адукацыйным працэсе  ўдзяляецца пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства. Навучанне, выхаванне і развіццё выхаванцаў ажыццяўляюцца з выкарыстанем вучэбных выданняў, зацверджаных або дапушчаных у якасці адпаведнага віду выдання Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Планам работы на 2018 - 2019 навучальны год прадугледжаны наступныя мерапрыемствы, прысвечаныя папулярызацыі беларускай мовы:

  • дні беларускай мовы (кожны чацвер);
  • правядзенне беларускамоўных тыдняў, віктарын, свят;
  • спецыяльна арганізаваная дзейнасць (заняткі) па вывучэнню мовы ажыццяўляецца з выхаванцамі ад 3 да 4 гадоў ( з другога паўгоддзя навучальнага года), ад 4 да 5 гадоў, ад 5 да 6 гадоў і ад 6 да 7 гадоў у рамках рэалізацыі базавага кампанента, рэгламентаванага тыпавым вучэбным планам дашкольнай адукацыі;
  • азнакамленне выхаванцаў з культурай, традыцыямі, звычаямі людей, ажыццяўляюцца ва ўсіх узроставых групах у разнастойных відах дзіцячай дзейнасці (зносіны, прадметная, гульнявая і інш.).
свернуть